Из истории УО

З гісторыі Шылавіцкай школы

Настаўнік гісторыі В. А. Кажухоўская

      Гісторыя вёскі Шылавічы і навакольных вёсак самым непасрэдным  чынам звязана з каталіцкім касцёлам. Іменна з будаўніцтвам храма звязана і першае ўпамінанне аб самой вёсцы. З касцёлам звязана таксама першае ўпамінанне аб школе.

      Першы драўляны касцёл у вёсцы Шылавічы быў пабудаваны ў 1511 г. Фінансавалі яго пабудову сёстры Крупскія. Па некаторых звестках, пры касцёле ўтрымлівалася і школа.

       Хутчэй за ўсё, адукацыйная дзейнасць вялася пры касцёле увесь час яго існавання. Але ўжо ў ХІХ ст патрэбна была свецкая адукацыя.

   У Шылавіцкую воласць уваходзіла ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя 22 вёскі.   Цэнтрам была вёска Шылавічы, якая ў некаторых дакументах згадваецца як мястэчка. Агульная колькасць насельніцтва ў воласці на 1909 год была 4886 чалавек.  Значнай была і патрэба ў адукацыйных установах. Па дадзеных архіва ў 1909 годзе ў воласці налічвалася 819 дзяцей  узросту ад 8 да 11 гадоў, гэты ўзрост лічыўся школьным.

       Развіццё школьнай справы на тэрыторыі Шылавіцкай воласці адбывалася па тых жа прынцыпах, што і ва ўсёй Беларусі. Дзеткі ўсёй воласці маглі атрымаць толькі пачатковую адукацыю. На 22 вёскі дзейнічала спачатку адно, а потым два народных вучылішчы. Адно з іх знаходзілася ў Талькаўцах, другое ў Аранах.

        Выбар месцазнаходжання народнага вучылішча ўладамі тлумачыцца тым, што Талькаўцы ў той час былі найвялікшай з усіх навакольных вёсак па колькасці насельніцтва і дзяцей школьнага ўзросту. Народныя вучылішчы Шылавіцкай воласці былі дзяржаўнымі ўстановамі. Сам будынак Талькаўскага вучылішча належаў  быў мала прыстасаваны для заняткаў.  Ён быў пабудаваны ў 1881 г. Сродкаў на ўтрыманне вучылішча і падтрымкі будынка ў належным стане амаль не выдзялялася.

        Недастатковасць школ стала прычынай перапоўненасці класаў. Як правіла, на аднаго настаўніка прыходзілася больш як 50 вучняў, з якімі ён займаўся па ўсіх прадметах. У Талькаўскім вучылішчы адначасова навучалася 108 вучняў, хоць разлічаны будынак быў на 69 чалавек. Адукацыя для сялян была прывілеяй мужчын. З-за традыцыйнага сялянскага светапогляду аб жанчыне, як маці, гаспадыні, памочніцы мужа, дзяўчынкі школу амаль не наведвалі. З амаль што 400 дзяўчынак воласці ў 1909 годзе вучыліся толькі 22.

       Наяўнасці ўсяго двух народных вучылішчаў у воласці было крайне недастаткова. У 1911 годзе плануецца адкрыццё яшчэ 8 вучылішч. Аднак асігнаванні на іх будаўніцтва так і не былі знойдзены. Яны так і не былі  адкрыты ў сувязі з Першай сусветнай вайной.

       Новы этап  ў школьнай адукацыі нашай мясцовасці пачаўся пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавору, у 1921 г., калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы. У гэты час у Шылавічах з’явілася першая свецкая школа. Прыстасаванага будынку для школы не было. Аднак, дзяцей, дасягнуўшых школьнага ўзросту, было шмат. Таму, першапачаткова заняткі вяліся ў некалькіх будынках: адным з дамоў на сучаснай вул. Садовай, у будынках сучаснага клуба і пошты. Адзін з малодшых класаў займаўся ў звычайным сельскім доме, гаспадары якога, згадзіліся здаць адзін пакой у арэнду. Самыя старэйшыя вучні займаліся ў адным з памяшканняў адміністрацыйнага будынка гміны.

        Па ўспамінах мясцовых жыхароў, ад дзяцей, пасылаючы вучыцца ў школу, бацькі патрабавалі бездакорнага паслушэнства і павагі да настаўнікаў. Навучанне было сумесным, хлопчыкі вучыліся разам з дзяўчынкамі. Класы былі вельмі вялікімі. У сярэдзіне 30-х гг. школа перамясцілася ў новы двухпавярховы будынак. Шылавіцкая школа слыла высокім ўзроўнем навучання. У 1929/30 навучальным годзе школа ў Шылавічах налічвала 349 вучняў.

         У 30-я гг. ХХ ст. акрамя Шылавіцкай у нашай мясцовасці працавалі яшчэ невялікія школы ў Кукалках, Азяранках, Талькаўцах, Машнах (цяпер Сямёнава), Вільчуках. Невялічкую школку на ўласныя грошы ўтрымлівала ў Зіняўцах Марыя Шэйка, уладальніца цагельнага прадпрыемства ў Бердзіках.

        Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1944 г., пачала дзейнічаць няпоўная сярэдняя школа, а з 1953 г. яна стала сярэдняй. У 1956 г. адбыўся першы выпуск – 44 вучні. Стары будынак школы захаваўся да нашага часу па вуліцы Зарэчная – 3.

Выпуск 1956 года 

         У 1987 г. быў пабудаваны новы будынак.

Адкрыццё новага будынка школы. 1987 год

 

       

  З 1944 па 2023 год школу узначальвалі дырэктары Бажэткіна, Манцэвіч Г.І., Стойлік Ф. Ф., Галубцоў К. П., Шавель У. У., Дашкоўскі Ф. Е., Несцяровіч У. І., Бабко А. У., Вялічка С. М.,  Новікаў В. В., Валюк Д. А., Шурхан Г. В., Дземянкоў У. М., Зязюля Д. А. Дырэктарам школы ў наш час з'яўляецца Хаян Я. У.

У 2023 г. ДУА «Шылавіцкая сярэдняя школа» адзначыла свой 70-гадовы юбілей.  У 2023/2024 навучальным годзе ў школе атрымлівае адукацыю 92 вучня.